ЗВАРОТ Прэзідыума БСДП (Грамада)

Улада не гатова да перамоваў. Толькі балбатнёй займаецца з экранаў тэлевізараў пра дыялог і кансалідацыю.У Савет Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

ЗВАРОТ

Прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) выказвае занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася ў Беларусі пасля 9 жніўня, калі беларусы мусілі выбраць Прэзідэнта краіны. Мы разумеем і канстатуем, што ў Беларусі даўно не дзейнічае інстытут выбараў, як дэмакратычны механізм выяўлення волі грамадзян, бо не першы год займаемся арганізацыяй назірання за выбарамі ў межах кампаніі “Права выбару”. Аднак сёлета з несправядлівасцю пры правядзенні выбарчай кампаніі сутыкнуліся не толькі дэмакратычныя партыі і арганізацыі, а і большасць грамадзян краіны. Маштаб парушэнняў выбарчага заканадаўства і адсутнасць рэакцыі на такія парушэнні з боку судовых і праваахоўных органаў Беларусі не пакінулі для большасці беларусаў іншага шляху, як мірныя вулічныя пратэсты і спробы эканамічнага блакавання дзейнасці дзяржаўных органаў. Бачачы нязгоду беларусаў з агучанымі вынікамі выбарчай кампаніі, лічым, што органы ўлады да гэтага часу не зрабілі заўважных крокаў па дасягненні ўзаемаразумення і аднаўленні справядлівасці ў Беларусі, а толькі праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ўздымаюць хвалю нянавісці беларусаў да беларусаў. У сродках масавай інфармацыі ідуць заклікі да “дыялогу” з боку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, але пакуль самі дэпутаты не выпрацавалі механізм дыялогу з грамадскасцю, а прапануюць замяніць такі дыялог на размовы асобных грамадзян з асобнымі дэпутатамі. Як мы мяркуем, дыялогі такога ўзроўню не прывядуць да паразумення вялікіх слаёў насельніцтва паміж сабой, а толькі паслужаць замыльваннем праблем беларусаў. У сувязі з вышэйнапісаным, просім на падставе закону “Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь” і пастановы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу “Аб рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” утварыць часовую камісію па дасягненні ўзаемаразумення і аднаўленні справядлівасці ў Беларусі. Мы ўпэўнены, што праз дзейнасць такой камісіі магчыма знайсці адказы на шматлікія пытанні беларусаў і праз працу такой камісіі можна паспрабаваць наладзіць паўнавартасны дыялог паміж грамадзянамі і дзяржаўнымі органамі. У Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якая аб’ядноўвае людзей пад лозунгамі свабоды, справядлівасці і салідарнасці, таксама існуюць заўвагі да дзейнасці (бяздзейнасці) органаў дзяржаўнай улады пры правядзенні выбарчай кампаніі, якія немагчыма вырашыць шляхам асобных зваротаў да адпаведных органаў, таму што праблемы маюць комплексны характар. Для зняцця напружанасці ў грамадстве і вырашэння канфліктных сітуацый у краіне БСДП гатова прадставіць для разгляду свае заўвагі на пасяджэнні камісіі, калі яна будзе створана.

Ігар Барысаў Старшыня БСДП (Грамада), магістр палітычных навук

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *