Правал ініцыятывы Мэркель і Макрона, або Як Расію двойчы правезлі мордай па стале

Сідарэвіч Анатоль Міхайлавіч, Старшыня ЦРК БСДП (Грамада)

Яшчэ пазаўчора многія ў краінах Балтыі, ва Украіне і Польшчы стаялі на вушах: Frau Bundeskanzlerin i monsieur Macron надумаліся адрадзіць і правесці саміт ЕС–Расія. Саміты гэтыя не праводзіліся з таго часу, як Расія захапіла Крым і уварвалася ва ўкраінскі Данбас. А тут і апраўданне нібыта з’явілася: вось сустрэўся Байдэн з Пуціным, чаму б і нам, еўрапейскім лідэрам, не сустрэцца? Вядомае нямецкае пуцінфэрштэйн. Ну, і французскае русафільства, якое асабліва мярзотна паказала сябе ў час нападу Расіі на Грузію (2008). Так сказаць, лінія Сарказі–Макрона.

Мэркель і Макрон агучылі сваю прапанову знянацку, якраз напярэдадні саміту ЕС. Думалі, што ім удасца. Але на дыбкі ўсталі перш-наперш Латвія, Літва, Польшча, Эстонія…   Хваля пакацілася. Вынік: ініцыятыву Мэркель і Макрона падтрымаў толькі Herr Bundeskanzler Sebastian Kurz.

Вынік: ніякага саміту з Пуціным, поўнае фіяска Мэркель і Макрона. На саміце  ЕС  вырашылі, што, наадварот, Расію трэба “ўзнагародзіць” новымі санкцыямі. “Выбары” ў Думу, якія адбудуцца ў верасні, будуць добрай прычынай для такіх санкцый.

Глядзіце: https://www.youtube.com/watch?v=-TAxYj1Qd6o

Правал ініцыятывы Мэркель і Макрона тлумачыцца  і тым, што канцлерка—кульгавая качка.  Трэба пачакаць, чым скончацца выбары ў Нямеччыне. Што фраў Мэркель сыходзіць у адстаўку — вядома, але пытанне ў тым, ці ўдасца хадэкам захаваць пасаду федэральнага канцлера і стаць на чале кааліцыі. А мо перамогуць зялёныя? Апошнія апытанні паказваюць далейшую дэградацыю СДПГ, якая можа пабіць свой антырэкорд 2017 года і не набраць нават 20 адсоткаў галасоў. Затое другою сілаю з’яўляюцца цяпер зялёныя, а яны займаюць непрыемныя для Расіі пазіцыі.  

А ў наступным годе ў красавіку выбары прэзідэнта Францыі. У першым туры, кажуць прагнозы, Макрон не пераможа. А ў другім туры яго праціўніцай будзе Марын Лё Пэн. Правыя ў Францыі маюць даволі моцныя пазіцыі, што паказваюць рэгіянальныя выбары, першы тур якіх прайшоў 20 чэрвеня.   

***

А тут яшчэ брытанскі прэм’ер загадаў эсмінцу “Defender” рухацца з раёна Адэсы ў Грузію кароткім шляхам — праз міжнародна прызнаныя ўкраінскія тэрытарыяльныя воды каля Крыма. Расійскія памежнікі, якія лічаць гэтыя воды сваімі, страляць па караблі каралеўскага флоту не адважыліся. Пастралялі ў паветра.

Другое прыніжэнне “звышдзяржавы” за пару дзён.      

Глядзіце: https://www.youtube.com/watch?v=zg1tZpA6DYk

Сідарэвіч Анатоль Міхайлавіч, Старшыня ЦРК БСДП (Грамада)

Belarusian social democratic party (Hramada)

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *