Старшыня БСДП Ігар Барысаў разам з іншымі кіраўнікамі палітычных партый адказвае на пытанне ці будуць дэмакратычныя партыі дамагацца доступу да дзяржаўных СМІ?

(http://bsdp.org/naviny/palityka/28-12-2021/ci-buduc-apazicyynyya-partyi-dabivacca-dostupu-da-dzyarzhaunyh-smi)

Старшыня БСДП Ігар Барысаў

Учора, калі работа над чарговым нумарам «Народнай Волі» падыходзіла да завяршэння, стала вядома, што на ўсенароднае абмеркаванне вынесены праект новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Паколькі незалежныя сродкі масавай інфармацыі фактычна знішчаны або абмежаваны ў сваёй дзейнасці, то для многіх палітычных і грамадскіх структур востра паўстае праблема галоснасці, данясення сваёй пазіцыі да шырокіх мас. З гэтай нагоды «Народная Воля» вырашыла правесці чарговае бліц-апытанне з такой фармулёўкай:

ЦІ БУДУЦЬ АПАЗІЦЫЙНЫЯ ПАРТЫІ ДАБІВАЦЦА ДОСТУПУ ДА ДЗЯРЖАЎНЫХ СМІ – ТЭЛЕБАЧАННЯ, РАДЫЁ, ГАЗЕТ?

І ці будуць выкарыстоўваць іншыя публічныя формы выказвання меркаванняў грамадзян – сходы, пікеты, мітынгі, дэманстрацыі і г.д.?

Сяргей КАЛЯКІН, лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»:

Ці будуць апазіцыйныя партыі дабівацца доступу да дзяржаўных СМІ – тэлебачання, радыё, газет?

– Па-першае, спачатку хацелася б пазнаёміцца з праектам новай Канстытуцыі. Улада хоча згарнуць яе абмеркаванне, бо хто гэта абнародуе лёсавызначальны дакумент напярэдадні Новага года? Абяцалі ж зрабіць гэта яшчэ летам. А тут свята за святам, ці ж да рэферэндуму, які быццам павінен прайсці ў лютым?

Мы нават не ведаем, як будуць прымацца заўвагі і прапановы, бо абмеркаванне прадугледжвае, што заўвагі ад людзей павінны накіроўвацца ў адпаведныя камісіі. Якія? Адным словам, шмат пытанняў.

Але дакладна скажу, што наша партыя будзе ў адпаведнасці з законам дабівацца магчымасці выказаць свой пункт гледжання на новую Канстытуцыю. У тым ліку і ў дзяржаўных СМІ. Трэба глядзець, што яна прынясе беларусам і ці варта за яе наогул галасаваць.

Думаю, калі падчас электаральнай кампаніі закон дазволіць праводзіць пікеты, то трэба выкарыстоўваць і гэты момант.

Ігар БАРЫСАЎ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

Ці будуць апазіцыйныя партыі дабівацца доступу да дзяржаўных СМІ – тэлебачання, радыё, газет?

– Калі не працуе закон, то ўсё астатняе робіцца абсалютна пустым і непатрэбным. Мы дамагаліся выступлення на дзяржаўным тэлебачанні ў жніўні мінулага года, але кіраўнік БТ Іван Эйсмант у сваім адказе адзначыў, што яны самі вырашаюць, каго запрашаць на перадачы.

Таму, нават зыходзячы з гэтага, бачым, што ёсць непрабіваемая сцяна ў палітыцы дзяржаўных СМІ, якія ўключаны ў сістэму дзяржпрапаганды, а не інфармавання грамадзян і асвятлення розных пазіцый па значных для Беларусі падзеях. Іншых публічных формаў для выказвання меркавання не засталося.

Трэба дадаць, што ў нас складанасці з арэндай памяшкання на правядзенне з’езда, не кажучы ўжо пра іншыя формы актыўнасці. Апроч таго, у нас няма гарантый бяспекі нашых таварышаў, якія гатовы быць заяўнікамі і ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах.

А ўвогуле, як і раней, з працэсу абмеркавання новай Канстытуцыі выключаны як народ, так і палітычныя партыі, якія прытрымліваюцца непраўладных пазіцый. «Круглы стол» Васкрасенскага – гэта не больш як прафанацыя, бо рэальны варыянт новай Канстытуцыі пішацца не ім, а з удзелам Адміністрацыі прэзідэнта. Усё пакуль выглядае так, што адбываецца наменклатурны транзіт, які патрэбны і беларускім чыноўнікам, якія хочуць больш паўнамоцтваў, і расійскім палітыкам, якія хочуць размаўляць не толькі з Лукашэнкам. Усе астатнія ў гэтым працэсе – не больш як назіральнікі, бо транзіт павінен адбывацца без збояў і альтэрнатыўных праектаў. Ціск на назіральнікаў і зачыстка незалежных грамадскіх аб’яднанняў – гэта не што іншае, як стварэнне ідэальных умоў для рэалізацыі задумак улад.

Сяргей ЧЭРАЧЭНЬ, лідар партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада»:

Ці будуць апазіцыйныя партыі дабівацца доступу да дзяржаўных СМІ – тэлебачання, радыё, газет?

– Мы сваю пазіцыю будзем прасоўваць у сацыяльных сетках, там у нас на сённяшні момант даволі шматлікая аўдыторыя. Мяркую, гэта найбольш прадуктыўнае выкарыстанне сваіх сіл і магчымасцяў па пытанні абмеркавання праекта новай Канстытуцыі.

Што датычыцца нашага магчымага звароту ў дзяржаўныя СМІ, то я добра разумею: туды нас проста не дапусцяць. Мы ж бачым, якая зараз праводзіцца палітыка дзяржавы ў плане зачысткі інфармацыйнага поля. Таму, думаю, нават час не варта траціць на звароты ў дзяржаўныя СМІ. Тым больш што БТ зараз глядзіць толькі той электарат, які свята верыць у прапаганду, і змяніць яго перакананні дакладна не атрымаецца.

Што датычыцца магчымай падачы заявак на пікеты ці мітынгі, то давайце не будзем бегчы наперадзе каня. Спачатку трэба пачытаць праект, а затым ужо думаць, як дзейнічаць далей.

Мікалай КАЗЛОЎ, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

Ці будуць апазіцыйныя партыі дабівацца доступу да дзяржаўных СМІ – тэлебачання, радыё, газет?

– Калі мы кажам пра змены ў Канстытуцыі, то друкаваць праект такога лёсавызначальнага дакумента за месяц да рэферэндуму – гэта здзек з народа. Людзі ж павінны ведаць, што за змены чакаюць іх і краіну, патрэбна шырокае абмеркаванне па розных пытаннях і праблемах, неабходны былі б дыскусіі з удзелам не толькі праўладных аналітыкаў, але і шырокай грамадскасці.

А зараз усіх зачысцілі – няма ні грамадскасці, ні незалежных СМІ. Таму ніякага абмеркавання па сутнасці не будзе. І партыі тут ні пры чым. Яны ў такой сітуацыі ні на што паўплываць не могуць.

Аляксей ЯНУКЕВІЧ, намеснік старшыні Партыі БНФ:

Ці будуць апазіцыйныя партыі дабівацца доступу да дзяржаўных СМІ – тэлебачання, радыё, газет?

– Пакуль не чыталі праект новай Канстытуцыі, нічога не плануем. Калі пазнаёмімся з праектам і ўбачым, што дазволена, а што забаронена, ад гэтага і будзем адштурхоўвацца.

  Дзмітрый КУЧУК, кіраўнік Беларускай партыі «Зялёныя»:

Ці будуць апазіцыйныя партыі дабівацца доступу да дзяржаўных СМІ – тэлебачання, радыё, газет?

– Магчыма, наша партыя наогул адмовіцца ад усялякага ўдзелу ў гэтай кампаніі, бо ў сённяшніх умовах фактычна немагчыма займацца паўнавартаснай агітацыяй. Пазакрывалі практычна ўсе грамадскія арганізацыі, зачысцілі незалежныя СМІ, з якімі мы заўсёды працавалі. Не думаю, што ў такой сітуацыі нашай і іншым апазіцыйным партыям будуць рады на дзяржаўным тэлебачанні, радыё ці ў газетах. Давайце будзем рэалістамі: нас туды не дапусцяць.

Таму мы, хутчэй за ўсё, нават адмовімся ад кампаніі назірання за рэферэндумам. Перш за ўсё ў мэтах бяспекі тых нашых актывістаў, якія яшчэ засталіся ў Беларусі. Бачым, што зараз пад рэпрэсіі трапляюць нават тыя, хто працаваў назіральнікам падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, таму не хочацца рызыкаваць людзьмі. Не тыя часы, не тая абстаноўка. А таму на пікеты заяўкі падаваць не будзем. Нават за афіцыйную заяўку могуць адправіць на суткі, таму мы не можам падстаўляць сябраў нашай партыі.

Андрэй ДЗМІТРЫЕЎ, сябра аргкамітэта па стварэнні «Нашай партыі»:

Ці будуць апазіцыйныя партыі дабівацца доступу да дзяржаўных СМІ – тэлебачання, радыё, газет?

– Мяркую, зарэгістраваным партыям трэба выкарыстоўваць магчымасць гаварыць з людзьмі пра будучыню краіны, паказваць падчас кампаніі, што ў краіне ёсць і іншае меркаванне.

Але пры гэтым трэба цудоўна разумець, што сам рэферэндум нічога прынцыповага не зменіць у сістэме кіравання ў Беларусі. Умоўна кажучы, людзям прапануецца выбраць, як называць правадыра – «вялікім» ці «любімым».

У 1996 годзе быў рэферэндум з рэальнай альтэрнатывай, бо былі дзве Канстытуцыі – Вярхоўнага Савета і той, што была распрацавана Адміністрацыяй прэзідэнта. А зараз ніякай альтэрнатывы наогул няма. І выбару дэ-факта людзям не прадастаўляецца.

Я ўжо не кажу пра агульную сітуацыю ў краіне, калі тысячы знаходзяцца за кратамі па палітычных артыкулах, калі працягваюцца рэпрэсіі.

Пабачым, ці прывядзе новая Канстытуцыя да народнай згоды. Мне падаецца, што яна часовая і ніякіх пастаўленых задач не дасягне.

Сяргей ПАПКОЎ, намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ:

Ці будуць апазіцыйныя партыі дабівацца доступу да дзяржаўных СМІ – тэлебачання, радыё, газет?

– Не бачу сэнсу наогул нешта абмяркоўваць. Вы думаеце, што ад гэтага абмеркавання вы ўбачыце нейкія дэмакратычныя змены падчас рэферэндуму? Не будзьце наіўнымі людзьмі.

Нягледзячы ні на якія абмеркаванні (калі яны наогул будуць), улады прымуць тое, што захочуць прыняць. Таму наша партыя не збіраецца гуляць у іх гульні. Няхай самі цешацца…

Belarusian social democratic party (Hramada)

Leave a Reply

Your email address will not be published.