Навіны ад Старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) І. П. Барысава.

Ігар Пятровіч Барысаў

У Цэнтральным камітэце БСДП

3 кастрычніка 2020 г. на сталічным офісе партыі адбылося трэцяе за год пасяджэнне ЦК БСДП. У ім прыняла ўдзел 25 з 41 сябраў ЦК.

Пад час пасяжэння быў абраны скарбнік арганізацыі. Ім стала сябра ЦК БСДП Людміла Волкава.

Зацверджана дата канферэнцыі Рабочай групы “Жанчыны БСДП” (19-20 снежня 2020 г.) і квоты прадстаўніцтва на канферэнцыю (Брэсцкая вобласць – 6 чалавек; Віцебская вобласць – 4 чалавекі; Гродзенская вобласць – 2 чалавекі; Мінская вобласць – 5 чалавек; Магілёўская вобласць — 4 чалавекі; г. Мінск – 5 чалавек). Абласным арганізацыям (Мінскай гарадской) БСДП рэкамендавана правесці рэгіянальныя канферэнцыі да 14 снежня 2020 г.

Прынята рашэнне аб прывядзенні Праграмы дзеянняў БСДП у актуальны стан і да 1 студзеня 2021 г. абласным арганізацыям (Мінскай гарадской) рэкамендавана прадставіць у Прэзідыум свае прапановы.

Створана камісія па падрыхтоўцы да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў. У яе склад увайшлі ўсе сябры Прэзідыўма, а таксама два сябра ЦК.

Прыняты зварот “Аб выхадзе з палітычнага крызіса”.

АБ ВЫХАДЗЕ З ПАЛІТЫЧНАГА КРЫЗІСА


Зварот Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)
3 кастрычніка 2020 г. г. Мінск

Цэнтральны камітэт Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) лічыць, што праз адсутнасць свабодных і справядлівых выбараў Беларусь увайшла ў зацяжны палітычны крызіс.
Непрапарцыйнае ўжыванне сілы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэстаў з боку кіраўніцтва дзяржавы і праваахоўных органаў канчаткова падарвала давер да дзеючай улады і праваахоўных стуктур краіны.
Палітычны крызіс наклаўся на эканамічны крызіс у які за апошні год пачала пагружацца краіна.
Адмова ад шматвектарнай палітыкі з’яўляецца вынікам дыпламатычнага правалу на міжнароднай арэне.
Цэнтральны камітэт БСДП лічыць, што надышоў час дзеючай уладзе прызнаць сваіх апанентаў палітычнымі суб’ектамі і сесці з імі за стол перамоваў. Мэта перамоваў – выхад з палітычнага, эканамічнага і дыпламатычнага крызісаў, у якім апынулася наша краіна пасля 9 жніўня 2020 г.
Дзеля гэтага БСДП прапануе дарожную карту па выхадзе з палітычнага крызіса:
1) Спыніць гвалт.

  • Спыніць гвалт і адвольныя затрыманні мірных грамадзян, палітычных актывістаў і журналістаў;
  • Неадкладна вызваліць усіх грамадзян, якія абвінавачваюцца па палітычных матывах па крымінальных і адміністрацыйных артыкулах;
  • Спыніць пераслед арганізацый, якія падтрымалі пратэстуючых грамадзян;
  • Завесці крымінальныя справы па ўсіх фактах забойстваў і бясследнага знікнення мірных грамадзян і дэманстрантаў, а таксама правесці праверку па ўсіх фактах збіццяў і катаванняў;
  • Патрабаваць адстаўкі кіраўніцтва праваахоўных органаў, якое датычнае да забойстваў, збіццяў і катаванняў мірных грамадзян і дэманстрантаў.

2) Пачаць палітычны дыялог і рэформу палітычнай сістэмы

  • Аднавіць дзеянне Канстытуцыі ў рэдакцыі 1994 г., дзеянне законаў і вярнуць суб’ектнасць беларускаму народу;
  • Прызнаць суб’ектамі палітычнага дыялогу паміж уладай і апазіцыяй палітычныя партыі і Каардынацыйную раду, створаную па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай і распачаць перамовы пры пасярэдніцтве АБСЕ;
  • Стварыць камісію па зменах у заканадаўства з удзелам прадстаўнікоў улады, палітычных партый і Каардынацыйнай рады;
  • Скасаваць Закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, які супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека;
  • Прыняць у новай рэдакцыі Закон Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” з удзелам суб’ектаў палітычнага дыялогу;
  • Неадкладна прыняць новае выбарчае заканадаўства;
  • Сфармаваць новы склад Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў з абавязковым удзелам палітычных партый;
  • Не пазней за шэсць месяцаў прызначыць новыя прэзідэнцкія, парламенцкія выбары, а таксама выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў;
  • Заклікаем Аляксандра Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу, неадкладна падаць у адстаўку.