Правал ініцыятывы Мэркель і Макрона, або Як Расію двойчы правезлі мордай па стале

Сідарэвіч Анатоль Міхайлавіч, Старшыня ЦРК БСДП (Грамада)

Яшчэ пазаўчора многія ў краінах Балтыі, ва Украіне і Польшчы стаялі на вушах: Frau Bundeskanzlerin i monsieur Macron надумаліся адрадзіць і правесці саміт ЕС–Расія. Саміты гэтыя не праводзіліся з таго часу, як Расія захапіла Крым і уварвалася ва ўкраінскі Данбас. А тут і апраўданне нібыта з’явілася: вось сустрэўся Байдэн з Пуціным, чаму б і нам, еўрапейскім лідэрам, не сустрэцца? Вядомае нямецкае пуцінфэрштэйн. Ну, і французскае русафільства, якое асабліва мярзотна паказала сябе ў час нападу Расіі на Грузію (2008). Так сказаць, лінія Сарказі–Макрона.

Мэркель і Макрон агучылі сваю прапанову знянацку, якраз напярэдадні саміту ЕС. Думалі, што ім удасца. Але на дыбкі ўсталі перш-наперш Латвія, Літва, Польшча, Эстонія…   Хваля пакацілася. Вынік: ініцыятыву Мэркель і Макрона падтрымаў толькі Herr Bundeskanzler Sebastian Kurz.

Вынік: ніякага саміту з Пуціным, поўнае фіяска Мэркель і Макрона. На саміце  ЕС  вырашылі, што, наадварот, Расію трэба “ўзнагародзіць” новымі санкцыямі. “Выбары” ў Думу, якія адбудуцца ў верасні, будуць добрай прычынай для такіх санкцый.

Глядзіце: https://www.youtube.com/watch?v=-TAxYj1Qd6o

Правал ініцыятывы Мэркель і Макрона тлумачыцца  і тым, што канцлерка—кульгавая качка.  Трэба пачакаць, чым скончацца выбары ў Нямеччыне. Што фраў Мэркель сыходзіць у адстаўку — вядома, але пытанне ў тым, ці ўдасца хадэкам захаваць пасаду федэральнага канцлера і стаць на чале кааліцыі. А мо перамогуць зялёныя? Апошнія апытанні паказваюць далейшую дэградацыю СДПГ, якая можа пабіць свой антырэкорд 2017 года і не набраць нават 20 адсоткаў галасоў. Затое другою сілаю з’яўляюцца цяпер зялёныя, а яны займаюць непрыемныя для Расіі пазіцыі.  

А ў наступным годе ў красавіку выбары прэзідэнта Францыі. У першым туры, кажуць прагнозы, Макрон не пераможа. А ў другім туры яго праціўніцай будзе Марын Лё Пэн. Правыя ў Францыі маюць даволі моцныя пазіцыі, што паказваюць рэгіянальныя выбары, першы тур якіх прайшоў 20 чэрвеня.   

***

А тут яшчэ брытанскі прэм’ер загадаў эсмінцу “Defender” рухацца з раёна Адэсы ў Грузію кароткім шляхам — праз міжнародна прызнаныя ўкраінскія тэрытарыяльныя воды каля Крыма. Расійскія памежнікі, якія лічаць гэтыя воды сваімі, страляць па караблі каралеўскага флоту не адважыліся. Пастралялі ў паветра.

Другое прыніжэнне “звышдзяржавы” за пару дзён.      

Глядзіце: https://www.youtube.com/watch?v=zg1tZpA6DYk

Сідарэвіч Анатоль Міхайлавіч, Старшыня ЦРК БСДП (Грамада)

Belarusian social democratic party (Hramada)

У чым Беларусь стабільна займае адну і тую ж пазіцыю

Сідарэвіч Анатоль Міхайлавіч, Старшыня ЦРК БСДП (Грамада)

Калі казаць пра беларускі стабілізец, то ён заключаецца ў тым, што Беларусь сярод краін Еўропы практычна не сыходзіць 9-й пазіцыі ззаду паводле валавага прадукту на душу насельніцтва. 

За Беларуссю сёння ідуць:  Сербія (ваявала), Паўночная Македонія (пасіўны ўдзел у Косаўскай вайне), Боснія і Герцагавіна (ваявала),  Албанія (пасіўны ўдзел у Косаўскай вайне), Малдова (Прыднястроўскі крызіс), Україна (гібрыдная вайна), Косава (ваявала). 

Вось як ацэньваюць эканоміку Беларусі Міжнародны валютны фонд (МВФ) і Сусветны банк.   

МЕСЦА БЕЛАРУСІ СЯРОД КРАІН ЕЎРОПЫ (ЗЗАДУ)

Паводле МВФПаводле Сусветнага банка
20162017201920202016201720182019
998910998

Паводле МВФ

У 2019 г. Беларусь апярэдзіла Чарнагорыя. У Чарнагорыі было $22447 на душу насельніцтва, у Беларусі — 19984.

У 1920-м Чарнагорыя зноў адстала (19252 супраць 20187).

Па выніках 2020 г. Чарнагорыя і Сербія наступаюць Беларусі на пяты.

Паводле Сусветнага банка

У 2016 г. Беларусь апераджала Балгарыю. У Беларусі было $18347 на душу насельніцтва, у Балгарыі — 18115.

З 2017 г. Балгарыя апярэдзіла Беларусь. У 2019 г. у Балгарыі 24561 на душу насельніцтва, у Беларусі — 19943. У балгараў істотны рост у параўнанні з 2016 г. Яны ўжо набліжаюцца да багатага на карысныя выкапні Казахстану.

Апераджае Беларусь і Чарнагорыя.   

ВАЛАВЫ ПРАДУКТ НА ДУШУ НАСЕЛЬНІЦТВА (У ДАЛЯРАХ ЗША)

Паводле МВФПаводле Сусветнага банка
20162017201920202016201720182019
1807418931199842018718347180661933119943

Нягледзчы на “мадэрнаізацыю” і “інавацыі”, прырост не ўражвае. Эканамісты, пэўна, называюць такі стан рэчаў стагнацыяй.

Калі гэта беларусам абяцалі сярэднемесячны заробак 500 даляраў? Летась ён склаў 514 ці то 520 даляраў, а сёлета можа быць меншы: інфляцыя, санкцыі.  

АПОШНЯЕ. Нумар перад назвай каіны паказвае яе сусветны рэйтынг, нумар у дужках — еўрапейскі.

У спісах чамусьці няма Андоры, Ліхтэнштайна і Манака. Паверце, не самыя бедныя краіны.

Ізраіль у гэтым спісе таму, што краіна за 73 гады існавання перажыла чатыры вайны (самую першую назаўтра пасля абвяшчэння незалежнасці) і масу меншых збройных канфліктаў. Апошні развіваецца на нашых вачах. Стабільная там вайскова-палітычная нестабільнасць, але краіна развіваецца. Колькі было народу ў Ізралілі ў 1948-м? І колькі цяпер? У Беларусі ж колькасць насельніцтва, мякка кажучы, не павялічваецца.  

Пра міграцыйную палітыку дацкіх сацыял-дэмакратаў

Анатоль Сідарэвіч21 мая 2021 г., 00:37 (6 дней назад)

Гл.: https://www.bbc.com/russian/features-57191379

Здагадваюся, што ўрад таварышкі Мэтэ Фрэдэрыксен ўжо дасталі аматары шчодрай дацкай сацыялкі. Тое, што ўрад, вызвалўшыся ад іх, хоча накіраваць грошы на паляпшэнне дабрабыту грамадзян, згадваецца ў тэксце Бі-бі-сі між іншым. А яны, аматары сацыялкі, не хочуць інтэгравацца, хочуць жыць сваімі кварталамі, раёнамі са сваімі правіламі. Пэўна, дацкія сацыялісты не хочуць таго галаўнога болю, які зведалі ад сваіх мусульманаў у Францыі сацыялісты прэзідэнт Алянд і прэм’ер Вальс. (Макрон узяўся за іх крута.) Калі Францыя ці Англія маюць даўжкі перад сваімі былымі калоніямі ў Афрыцы і Азіі, то калоніямі Даніі былі Нарвегія ды Ісландыя і застаюцца Грэнландыя ды Фарэрскія астравы. З імі ў Даніі няма праблем. 

Сідарэвіч Анатоль Міхайлавіч, Старшыня ЦРК БСДП (Грамада)

Belarusian social democratic party (Hramada)

АБ ПАРТЫЙНАСЦІ ДРУКУ

Пишет a_sidarevic (a_sidarevic)
20210402 10:47:00

Сідарэвіч Анатоль Міхайлавіч, Старшыня ЦРК БСДП (Грамада)

Забраў на пошце газеты. Цяпер іх усяго тры, і ўсе—тыднёвікі: “Новы Час”, “Наша Слова” і “Ганцавіцкі Час”. З таго часу, як перастаў атрымліваць “Народную Волю”, вырашыў не падпісавацца на “Звязду”.
У “Новы Часе” на 3-й старонцы звычайна змяшчаюць фотаздымкі дзеячаў (так сказаць “людзей тыдня”) і інфармацыю пра падзеі, звязаныя з іх імёнамі. Мне было цікава, ці будзе змешчаная на гэтай старонцы інфармацыя пра затрыманне, а потым і арышт старшыні БСДП Ігара Барысава. Памятаецца, што пра арышт Мікалая Казлова, старшыні іншай партыі — Аб’яднанай грамадзянскай — пісалі. Разгарнуў газету. Ні фоты Ігаравай, ні інфармацыі пра яго арышт ні на 3-й, ні на іншых старонках.
Прынцыпы, выкладзеныя ў артыкуле Уладзіміра Ільіча “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура”, нікуды не зніклі. А мне кажуць пра незалежны друк. Не бывае незалежнага друку. Ён бывае або дзяржаўны, або недзяржаўны. У нармальных дзяржавах дзяржаўны друк беспартыйны, а недзяржаўны абавязкова партыйны, абавязкова калі не служыць рупарам, дык падыгрывае нейкай палітычнай плыні.

ЦІХАНОЎСКАЯ ПАБЫВАЛА НА МАГІЛЕ ЛУЦКЕВІЧАЎ

Святлана Ціханоўская і Габрыэлюс Ландсбергіс ўшанавалі Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага і ўсклалі кветкі на магілу братоў Луцкевічаў.
Ушаноўваць Каліноўскага ёй не першыня. А вось пра тое, што яна была на магіле Луцкевічаў, я раней не чытаў. Да мінулага года пра Каліноўскага яна мо што й чула, але ці ведала хоць што-небудзь пра Луцкевічаў — пытанне. Яна ж была “мы не апазіцыя”. І нацыянальная сімволіка была ёй без патрэбы. І ўсякія іншыя “нацыянальныя замарочкі”. 2020 год стаў для яе годам хоць павярхоўнага ды вывучэння палітычнай гісторыі Беларусі.
Цікава, хто падказаў ёй наведаць магілу Луцкевічаў? Габрыэлюс Ландсбергіс ці Пранук Вячорка?
Міністр замежных спраў Літвы названы ў гонар свайго прапрадзеда — тэатральнага дзеяча Габрыэлюса Ландсбергіса. Луцкевічы былі з ім знаёмыя. У1916 годзе, калі памёр Ёнас Амбразавічус, палітычны настаўнік братоў Луцкевічаў, у “Homanie”, акрамя некралогу, пісанага Антонам Луцкевічам, пад псеўданімам Žemkalnis быў змешчаны некралог Габрыэлюса Ландсбергіса “Šiaulių Dėde (Пасмертны ўспамін)”.
Габрыэлюс Ландсберіс-Жамкальніс таксама памёр у 1916-м. Ён меў сына Вітаўтаса (дойлід); Вітаўтас меў сына Вітаўтаса, мастацтвазнаўцу, лідэра Саюдзіса, потым неаднаразовага старшыню Сойму Літоўскай Рэспублікі; у гэтага Вітаўтаса нарадзіўся таксама Вітаўтас, пісьменнік, кінорэжысёр; у пісьменніка і рэжысёра нарадзіўся цяперашні міністр замежных спраў. Вось такая дынастыя. Дарэчы, псеўднаім Жамкальніс — пераклад на літоўскую прозвішча Ландсбергіс.

Сідарэвіч Анатоль Міхайлавіч
Старшыня ЦРК БСДП (Грамада)

Belarusian social democratic party (Hramada)

НЕСТАНДАРТНЫ ЭНГЕЛЬС, або ШТО-КОЛЕЧЫ ПРА ПОЗНІ МАРКСІЗМ

Сідарэвіч Анатоль Міхайлавіч
Старшыня ЦРК БСДП (Грамада)

Адзін расійскі гісторык назваў 70-гадовага Фрыдрыха Энгельса нестандартным. І сапраўды, калі ты чытаеш твор за творам сталага Энгельса, яго вобраз, створаны савецкай прапагандай, разбураецца. Перад намі паўстае мысляр, які імкнецца разабрацца ва ўсіх складанасцях сваёй эпохі і шукае нестандартныя адказы на самыя вострыя пытанні. І гэтыя адказы разбураюць тое ўяўленне пра марксізм, якое выпрацоўвала ў савецкіх людзей бальшавіцкая прапаганда. Але пачнем ад пачатку.

МАРКСІЗМ ДА МАРКСА

Фрыдрыха Энгельса называюць класікам марксізму. Але сам Энгельс (напрыклад, у 1890 г.) слова “марксізм” браў у іранічнае двукоссе. І нагадваў словы Карла Маркса: “Я ведаю толькі тое, што сам я не марксіст”.

Між тым сапраўдным айцом таго, што называецца марксізмам, быў Энгельс. Трапіўшы ў 1842 г. другі раз у Англію, ён пачаў пільна прыглядацца да эканамічнага і грамадскага жыцця краіны. Вынікам яго назіранняў сталі класічныя працы: “Становішча рабочага класа ў Англіі” і “Накіды да крытыкі палітычнай эканоміі”. Вось гэтая, другая, праца 23-гадовага дэндзі зрабіла вялікі ўплыў на Маркса, і той у 1859 г. напіша працу, загаловак якой нагадвае загаловак Энгельсавай: “Да крытыкі палітычнай эканоміі”. Так з’явілася аснова для “Капітала”.

Пасля “Накідаў…” Энгельс стаў Марксавым суаўтарам. Разам яны напісалі працу “Нямецкая ідэалогія” (1846), у якой выклалі новы — матэрыялістычны — погляд на гісторыю. Аднак іх твор не знайшоў выдаўца пры жыцці аўтараў. Таму свае ідэі Энгельс і Маркс выкладалі і абгрунтоўвалі ў іншых працах.

Энгельсу належыць прыярытэт у фармуляванні пастулатаў камунізму. Ягоная праца “Прынцыпы камунізму” (лістапад 1847 г.; таксама не апублікаваная пры жыцці аўтара) стала асновай для напісанага разам з Марксам “Маніфеста Камуністычнай партыі” (1848).

ЦІ МОГ БЫЦЬ МАНІФЕСТ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПАРТЫІ?

Савецкаму чалавеку спецыяльна не тлумачылі, што “віна” Маркса і Энгельса ў тым, што яны не “расклалі па палічках” адрозненні паміж камунізмам і сацыялізмам.

Паміж сацыялізмам і камунізмам як тэорыяй і як будучым ладам у іх тэкстах адрознення няма: і сацыялізм, і камунізм — бяскласавае грамадства. Іншая справа — камунізм як рух.

Камунізм Маркс і Энгельс разглядалі як частку сацыялізму, а сам сацыялізм падзялялі на дэмакратычны (які робіць стаўку на мірныя, парламенцкія метады) і рэвалюцыйны. Таму не трэба здзіўляцца, што, пішучы ў 1888 г. прадмову да Камуністычнага маніфесту, Энгельс назваў яго самым распаўсюджаным творам сацыялістычнай літаратуры. І ў той самай прадмове Энгельс тлумачыў, што сацыялізм у 1847–1848 гг., калі пісаўся Маніфест, “быў “рэспектабельны”, а камунізм — якраз наадварот”, “сацыялізм быў буржуазным рухам, камунізм — рухам рабочага класа”. Вось чаму аўтары назвалі свой твор “Маніфестам Камуністычнай партыі”.

Цягам часу ідэі “рэспектабельных” сацыялістаў сталі ідэалогіяй рабочага руху, рабочых партый. Камунізм як плынь у сацыялістычным руху паступова адыходзіў на маргінэс. І толькі ў Расіі ён быў прыметнай сілай і ў час 1-й сусветнай вайны аформіўся як самастойная таталітарысцкая партыя.  

ЮНАЦКАЯ ГАРАЧНАСЦЬ

У 1887 г. рыхтавалася перавыданне напісанай у 1845 г. працы Энгельса “Становішча рабочага класа ў Англіі”. У прадмове да кніжкі аўтар напісаў: “Я наўмысна не выкасаваў з тэксту многія прадказанні, у тым ліку прадказанне блізкасці сацыяльнай рэвалюцыі ў Англіі, на якое я адважыўся пад уплывам сваёй юнацкай гарачнасці”.

Бадай, тое ж Энгельс мог напісаць і пра некаторыя палажэнні Камуністычнага маніфесту. У прыватнасці, ён мог прызнаць, што разам з Марксам перабольшваў пасіянарнасць і згуртаванасць пралетарыяту, не ўлічваў яго падзел на прафесійныя, кваліфікацыйныя, этнічныя і рэлігійныя групы, псіхалогію гэтых груп.

У той самай прадмове Энгельс пісаў: чым больш развітая капіталістычная вытворчасць, тым менш можа буржуазія карыстацца тымі прыёмамі дробнага махлярства і жульніцтва, якія характарызуюць раннія стадыі капіталізму.

Маладыя Энгельс і Маркс ігнаравалі магчымасць гуманізацыі капіталізму. У 1887 г. Энгельс адзначаў: па меры развіцця капіталізму “ў фабрычнай вытворчасці, як відаць, устанаўліваліся нейкія нормы маралі”. Гуманізацыя, можна сцвярджаць, адбывалася не так з добрых інтэнцый буржуазіі, як пад ціскам рабочага руху і ліберальных інтэлектуалаў, якія гэтаму руху спачувалі. Да таго ж заваўжым, што развіццё капіталізму вяло да ўсеагульнай адукацыі і павышэння адукаванасці і культурнага ўзроўню наёмных работнікаў.

Кіроўныя колы заходніх краін лічылі за лепшае пайсці на саступкі рабочым раней, чым пачнуцца сацыяльныя забурэнні. Так, у Нямеччыне, каб не даць сацыялістам стаць самай уплывовай сілай, урад сам рэалізаваў важныя пункты сацыялістычнай праграмы: увёў страхаванне ад няшчасных выпадкаў, ад хваробаў, інваліднасці і пенсійнае страхаванне. У Злучаным Каралеўстве буржуазія дзялілася звышпрыбыткамі, атрыманымі ад эксплуатацыі калоній. І калі ў 1848 г. Энгельс і Маркс пісалі, што пралетарыям няма чаго губляць, то пад канец ХІХ ст. у развітых краінах пралетарыяту, апісанага Энгельсам у 1845 г., ужо не было. Рабочым, асабліва кваліфікаваным і высокакваліфікаваным, ужо было што губляць.       

ПОЗНІ МАРКСІЗМ

Некаторыя аўтары лічаць, што позні марксізм пачаўся ў 1870-х. Я рызыкну канкрэтызаваць: у 1872-м. У гэтым годзе Маркс і Энгельс абвясцілі Камуністычны маніфест гістарычным дакументам і планавалі наступнае яго выданне “забяспечыць уводзінамі”. Аднак уводзіны так і не былі напісаныя.

Энгельс, як паслядоўнік Гегеля, ведаў, што ўсё ёсць станаўленне і бесперапыннае развіццё. Таму ён задумаўся, ці магчымы такі стан грамадства, на якім далейшае яго развіццё, дасканаленне спыніцца. І ў 1888 г. у працы “Людвіг Фоербах і канец класічнай нямецкай філасофіі” ён даў адказ: “Гісторыя… не можа атрымаць канчатковае завяршэнне ў нейкім дасканалым, ідэальным стане чалавецтва”. Дасканалае грамадства, пісаў ён, можа існаваць “толькі ў фантазіі”.

КАНЦАВАЯ МЭТА ГІСТОРЫІ

Калі гісторыя не можа атрымаць канчатковае завяршэнне ў нейкім дасканалым грамадстве, то якая тады канцавая мэта сацыялістаў? Такое пытанне было Энгельсу зададзена. У 1893 г. у газеце Le Figaro ён адказаў: “У нас няма канцавой мэты. Мы прыхільнікі пастаяннага, бесперапыннага развіцця…”.

Праз некалькі гадоў Энгельсаў памочнік і душапрыказчык напіша: “…тое, што разумеюць… пад “канцавой мэтай сацыялізму”, мае для мяне… мала сэнсу і цікавасці: гэтая мэта, што б яна ні азначала, для мяне — нішто, рух — усё. І пад рухам я разумею як усеагульны рух грамадства, г. зн. сацыяльны прагрэс, так і палітычную і эканамічную агітацыю і арганізацыю для ўздзеяння на гэты прагрэс”.

На Эдуарда Бернштайна накінулся Пляханаў, Парвус, Ленін, Троцкі, Люксемург і нават Каўцкі, але па сутнасці ўсе яны палемізавалі з Энгельсам. І нават з Марксам, які яшчэ ў 1846 г. разам з Энгельсам пісаў: “Камунізм для нас не стан, які павінен быць усталяваны, не ідэал, з якім павінна ўзгадняцца рэчаіснасць. Мы называем камунізмам рэальны рух, які знішчае цяперашні стан”.

У гэтай цытаце з “Нямецкай ідэалогіі” слова “камунізм” лёгка памяняць на слова “сацыялізм”. І наогул, можна сказаць, што сацыялізм — гэта канвенцыйная назва посткапіталістычнага грамадства.

Тое, што пісалі Маркс, Энгельс і Бернштайн, цяпер фармулюецца так: мы не ведаем канцавой мэты гісторыі, нашай задачай з’яўляецца штодзённая барацьба за сацыяльны прагрэс і за тое, што гэтаму прагрэсу спрыяе.

САЦЫЯЛІЗМ І ДЭМАКРАТЫЯ

Сацыяльнаму прагрэсу спрыяе дэмакратыя. Дэмакратыя ж немагчымая без усегульнага выбарчага права. Усеагульнае ж выбарчае права — гэта “тая зброя, якая ў руках класава свядомых рабочых б’е далей і паражае дакладней, чым малакалібернае магазіннае ружжо ў руках вымуштраваных салдатаў”. Так пісаў Энгельс за год да смерці аўстрыйскім таварышам.

Барацьба за ўсеагульнае выбарчае права, як і за 8-гадзінны рабочы дзень, стала галоўным лозунгам сацыялістаў другой палавіны ХІХ ст.

САЦЫЯЛІЗМ І СВАБОДА

Уласна, што такое сацыялізм? Яго сутнасць коратка выразіў паэт: «свободный труд свободно собравшихся людей”. Маладыя Энгельс і Маркс сфармулявалі ў Камуністычным маніфесце гэта так: асацыяцыя, якая прыходзіць на месца буржуазнага грамадства з яго класамі і класавымі супрацьлегласцямі і ў якой свабоднае развіццё кожнага з’яўляецца ўмовай свабоднага развіцця ўсіх.

Праз 30 гадоў Энгельс у працы “Анты-Дзюрынг” пісаў пра сацыялізм — гэта скачок з царства неабходнасці ў царства свабоды, калі “людзі пачнуць зусім свядома самі тварыць сваю гісторыю”, калі прыведзеныя імі ў рух грамадскія прычыны будуць у пераважнай і ўсё больш узрастаючай меры весці да тых наступстваў, якіх людзі жадаюць. Такім чынам, свабода — гэта ў значнай меры і свабода ад тых абмежаванняў, якія на чалавека накладваюць прырода і гісторыя.

МІРНЫ ПЕРАХОД ДА САЦЫЯЛІЗМУ

У Камуністычным маніфесце Энгельс і Маркс пісалі: камуністы адкрыта заяўляюць, што іх мэты “могуць быць дасягнутыя толькі шляхам гвалтоўнага звяржэння ўсяго існага грамадскага ладу”.

У 1890 г. адзін з лідэраў нямецкіх сацыялістаў, Вільгельм Лібкнехт, агучыў тэзіс аб урастанні капіталістычнага грамадства ў сацыялістычнае. Гэтую “ерась” Каўцкі і Бернштайн паўтарылі ў праекце Эрфурцкай праграмы СДПГ (1891). І што на гэта Энгельс? А Энгельс увязваў магчымасць мірнага пераходу да новага грамадства з палітычным рэжымам у краіне: “Можна сабе ўявіць, што старое грамадства магло б мірна ўрасці ў новае ў такіх краінах, дзе народнае прадстаўніцтва засяроджвае ў сваіх руках усю ўладу, дзе канстытуцыйным шляхам можна зрабіць усё што заўгодна, калі толькі маеш за сабой большасць народа…”.

А ШТО СА ЗБРОЙНЫМ ПАЎСТАННЕМ?

З 1878 г. у Нямеччыне ў дачыненні да сацыялістаў дзейнічаў выключны закон. Спачатку ў Швейцарыі, а потым у Англіі сацыялісты выдавалі газету Der Sozialdemokrat. У 1890 г. партыя легалізвалася і патрэба выдаваць нелегальную газету адпала. У развітальным слове да чытачоў газеты Энгельс пісаў, што сацыялістам цяпер трэба спрабаваць абыходзіцца толькі законнымі сродкамі барацьбы, бо такім чынам “дасягаюцца найбольшыя вынікі”. Калі улада будзе дзейнічаць супрацьпраўнымі метадамі, то і сацыял-дэмакратыя вымушана будзе стаць на незаконны шлях. Далей ён апеляваў да брытанскага права, якое дапускае паўстанне ў тым разе, калі ўлада выходзіць за рамкі закона. Дык вось, калі ўлады Нямеччыны выйдуць за рамкі закона, ці будзе партыя будаваць барыкады, апеляваць да сілы зброі? “Такое задавальненне сваім ворагам яна пэўна не даставіць”, — адказваў Энгельс.

Ва ўводзінах да Марксавай кнігі “Класавая барацьба ў Францыі…” (1895) Энгельс адзначаў,  паўстанне тыпу 1848 г. у значнай меры ўстарэла. Справа ў тым, што супраць паўстанцаў будзе пушчана войска, якое мае гарматы і добра забяспечаныя ды вывучаныя сапёрныя часткі. А яшчэ з 1848 г. у аснашчэнні войскаў адбылося многа змяненняў, “і ўсе на карысць войскаў”.

Барыкады маюць больш маральнае, чым матэрыяльнае значэнне, пісаў Энгельс. Барацьба на барыкадах паспяховая тады, калі войска стомлена, кепска забяспечана, калі жаўнеры адмаўляюцца страляць, а ў камандзіраў прапала рашучасць. Усе гэтыя моманты трэба ўлічваць, перш чым пачынаць паўстанне. З другога боку, яно можа быць выгаднае паноўным класам, якія іншы раз правакуюць народ, “хочуць завабіць нас неадменна туды, дзе страляе ружжо і сячэ шабля”.

І цытата на завяршэнне: “Мы, “рэвалюцыянеры”, “звяргальнікі”, мы маем значна большыя поспехі з дапамогаю легальных сродкаў, чым з дапамогай нелегальных  ці з дапамогаю перавароту”.

САЦЫЯЛІСТЫ І МАНАРХІЯ

Як вядома, сацыялісты ХІХ ст. былі рэспубліканцамі. Але вось у 1891 г. нямецкія сацыял-дэмакраты ў праект сваёй праграмы не ўставілі пункт аб ліквідацыі манархіі. Энгельс разумеў прычыну такога апартунізму і таму напісаў: “Зрэшты, пытанне аб рэспубліцы можна… абысці. Але што на мой погляд варта і можна ўключыць у праграму, гэта — патрабаванне засяроджання ўсёй палітычнай улады ў руках народнага прадстаўніцтва. І гэтага пакуль што было б дастаткова, калі ўжо нельга ісці далей”. А далей ісці нямецкія сацыялісты не маглі. У 1890-м партыя пасля 12 гадоў нелегальнага становішча атрымала легальны статус. Уключэнне ў праграму пастулату аб ліквідацыі манархіі зноў змусіла сацыял-дэмакратаў пераходзіць на нелегальнае становішча. Таму Энгельс не настойваў на ліквідацыі манархіі. Яго задавальняла мадэль манархіі ў Злучаным Каралеўстве, дзе “дынастыя бяссільная супраць волі народу”.

І калі сацыялісты Бельгіі, Даніі, Швецыі ды іншых краін, улічваючы традыцыі і грамадскія настроі, змагаліся не за рэспубліку, а за абмежаванне ўлады манархаў, яны дзейнічалі як паслядоўнікі Энгельса. 

АБ ДЫКТАТУРЫ ПРАЛЕТАРЫЯТУ

Развіваючы ідэю Гракха Бабёфа аб дыктатуры беднякоў, Маркс увёў у тэорыю сацыялізму паняцце “дыктатура пралетарыяту”. Дык вось, Энгельс “спецыфічнай формай для дыктатуры пралетарыяту” назваў дэмакратычную рэспубліку. З гэтага вынікае, што дыктатура пралетарыяту — гэта ўлада рабочага класа, а дакладней — яго партыі, якая, маючы за сабою большасць народа, праводзіць змяненні  ў інтарэсах людзей наёмнай працы. Пры гэтым яна захоўвае дэмакратычныя нормы і працэдуры. Менавіта з гэтых пазіцый крытыкавалі ў 1918 г. бальшавікоў за іх “дыктатуру пралетарыяту” і “рэвалюцыянерка” Роза Люксембург, і “рэфарміст” Карл Каўцкі.

НАЦЫЯНАЛЬНАЕ І ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЕ

Маладыя Энгельс і Маркс пісалі, што рабочыя не маюць айчыны. Яны лічылі, што ў будучыні пралетарыят, узяўшы ўладу, стане адным нацыянальным класам і “канстытуюецца як нацыя”. Але, агаворвалі яны, пралетарыят застаецца нацыянальным не ў тым сэнсе, як гэта разумее буржуазія. Яны былі ўпэўненыя, што нацыянальная адасобленасць і супрацьлелнасці народаў знікаюць па меры развіцця капіталізму і складвання сусветнага рынку. Панаванне ж пралетарыяту толькі паскорыць знікненне нацыянальных адасобленасці і супярэчнасцяў. “У той меры, у якой будзе знішчана эксплутатацыя аднаго індывідуума другім, знішчана будзе і эксплуатацыя адной нацыі другою”. Гэты тэзіс стаў для пэўнай часткі марксістаў догмаю.

Сталы Энгельс жыў у перыяд, калі завяршаўся падзел свету і наспявала барацьба за яго перадзел. Ён бачыў, што ў каланізацыі чынны ўдзел бралі і сыны рабочага класа, што рабочыя Вялікабрытаніі, Францыі ды інш. краін мелі з каланізацыі выгады. Ён бачыў, што паміж працоўнымі метраполій і калоній, пануючых і прыгнечаных нацый не можа быць інтэрнацыяналізму. “Інтэрнацыянальны рух пралетарыяту, — пісаў ён, — наагул магчымы толькі ў асяроддзі самастойных нацый”. Пішучы аб прыгнечаных Ірландыі і Польшчы, Энгельс заявіў, што гэтыя нацыі “не толькі маюць права, але і абавязаны быць нацыянальнымі, перш чым яны стануць інтэрнацыянальнымі”. Тое ж, пэўна, датычыла і Беларусі, і іншых “ускраін Расійскай імперыі”.    

НАЦЫЯНАЛЬНАЕ І КЛАСАВАЕ

Сталы Энгельс адмаўляў тэзіс ранняга марксізму пра тое, што сацыяльнае вызваленне павінна папярэднічаць нацыянальнаму. Ён пісаў: “Ліквідацыя нацыянальнага ўціску з’яўляецца асноўнай умовай усякага здаровага і свабоднага развіцця. Польскіх сацыялістаў, якія не ставяць вызваленне краіны на першае месца ў сваёй праграме, я параўнаў бы з нямецкімі сацыялістамі, якія б не жадалі патрабаваць у першую чаргу адмены закона супраць сацыялістаў, увядзення свабоды друку, саюзаў і сходаў. Для таго каб мець магчымасць змагацца, патрэбна спачатку глеба пад нагамі, паветра, святло і прастора. Інакш усё — балбатня”.

Ідэю развіў К. Каўцкі, які пісаў: “Самастойнасць нацыі з’яўляецца натуральна неабходнай перадумовай усякай сучаснай класавай барацьбы”.

АБ ЗНЕШНЯЙ ПАЛІТЫЦЫ РАСІЙСКАГА ЦАРЫЗМУ

Працяглы час ад савецкіх людзей хавалі працу Энгельса “Знешняя палітыка расійскага царызму” (1890). У гэтай працы ён пісаў, што Расійская імперыя “з’яўляецца галоўным аплотам, рэзервовай пазіцыяй і разам з тым рэзервовай арміяй еўрапейскай рэакцыі”, што “адно ўжо яе пасіўнае існаванне ўяўляе для нас пагрозу і небяспеку”, што “сваім пастаянным умяшальніцтва у справы Захаду гэтая імперыя затрымлівае і парушае нармальны ход нашага развіцця і робіць гэта з мэтаю заваявання для сябе такіх геаграфічных пазіцый, якія забяспечвалі б ёй панаванне над Еўропай і тым самым зрабілі б немагчымай перамогу еўрапейскага пралетарыяту”.

Энгельс думаў, што пасля падзення царызму знешняя палітыка Расіі памяняецца,Таму, пісаў ён, “Заходняя Еўропа наагул і заходнееўрапейская рабаочая партыя асабліва зацікаўлены, вельмі глыбока зацікаўлены ў перамозе расійскай рэвалюцыйнай партыі”…

ПАЛІТЫЧНЫ ТЭСТАМЕНТ ЭНГЕЛЬСА

Энгельс яшчэ ў 1880-х гг. прадбачыў вялікую вайну ў Еўропе. У 1891-1892 гг. ён надаў гэтаму пытанню шмат увагі ў працы “Сацыялізм у Нямеччыне”.

Энгельс пісаў, што Нямеччына апынецца паміж французскім молатам і расійскім кавадлам. Пры гэтым найбольшым злом ён лічыў Расію, бо расійскі царызм — “вораг усіх заходніх народаў, нават буржуазіі гэтых народаў”.  

У інтарэсах сацыялістаў быў мір. А калі б вайна пачалася, калі б расійскія і французскія войскі ўварваліся ў Нямеччыну, гэта была б барацьба не на жыццё, а на смерць, бо гаворка ішла б аб нацыянальным існаванні Нямеччыны, бо, асабліва адзначаў Энгельс, “калі б царскія орды уварваліся ў Нямеччыну, яны прынеслі б не свабоду, а рабства, не развіццё, а спусташэнне, не прагрэс, а здзічэнне”. Асобна Энгельс адзначаў, што перамога Расіі над Нямеччынай “азначае падаўленне нямецкага сацыялізму”, г. зн. і Сацыял-дэмакратычнай партыі, і сацыяльных здабыткаў нямецкіх работнікаў. Францыя ж, дзеючы поплеч з Расіяй, таксама “не можа прынесці Нямеччыне ніякай вызвольнай ідэі”.

Калі мы будзем памятаць напісанае Энгельсам у 1891–1892 гг., то зразумеем, чаму большасць нямецкай сацыял-дэмакратыі выступіла ў 1914-м на абарону сваёй краіны, а яе дэпутаты ў Райхстагу галасавалі за ваенныя крэдыты.

З ЧАГО ПАЧНЕЦЦА ВЯЛІКАЯ ВАЙНА І МАГЧЫМАСЦІ АРМІЙ

Прабачачы вялікую вайну ў Еўропе, Энгельс 13–14 верасня 1886 г. у лісце да аднаго з правадыроў нямецкіх сацыялістаў Аўгуста Бебеля рабіў такую выснову: “…супярэчнасці паміж Аўстрыяй і Расіяй на Балканскім паўвостраве нагэтулькі абвастраюцца, што вайна становіцца больш імавернай, чым захаванне міру”.

І тамсама ён пісаў, што чакае Еўропу: “…у перспектыве хаос з адным толькі несумненным вынікам: масавая бойня ў нечуваным дагэтуль маштабе, аскудзенне Еўропы ў нечуванай дагэтуль ступені і, у рэшце рэшт, крушэнне усёй старой сістэмы”.

У такіх выпадках кажуць: як у ваду глядзеў.

Прадбачачы вайну, Энгельс заняўся вывучэннем мілітарнага патэнцыялу розных еўрапейскіх краін. У цытаваным лісце да Бебеля ён даў трапную ацэнку аўтрыйскай, нямецкай, турэцкай, італьянскай, французскай армій.

Пісаў ён і аб царскім войску: “Рускія, як заўсёды, падманваюцца наконт сваіх вялізных — на паперы — сілаў; яны надзвычай слабыя пры наступленні, але моцныя пры абароне ўласнай краіны. Іх найбольш ўразлівая мясціна, акрамя вышэйшага камандавання, — недахоп здольных афіцэраў для камандавання вялізнымі масамі; краіна не прадукуе такой колькасці адукаваных людзей”.

Катастрофа царскай арміі ў час наступальнай аперацыі ва Усходняй Прусіі (жнівень 1914 г.) пацвердзіла правільнасць назіранняў Энгельса. Скажуць: а брусілаўскі прарыў? Адкажам: прарыў той скончыўся катастрофай. Уцёкі расійскіх вайскоўцаў былі панічныя. Каб навесці нейкі парадак, былі створаны “батальёны смерці”, або “заградительные отряды”. (Троцкі у Грамадзянскую і Сталін у Другую сусветную выкарыстаюць гэтую вынаходку.)

ПАРТЫЙНАСЦЬ НАВУКІ

Тыя, хто жыў у СССР, ведае, што такое партыйнасць навукі, літаратуры і мастацтва. Нават дысертацыю па матэматыцы нельга было абараніць без цытат з Маркса, Энгельса, Леніна, партыйных пастаноў і прамоў дзейнага генеральнага сакратара КПСС. Практыка бальшавікоў цалкам разыходзілася з тым, як да навукі падыходзіў Энгельс.

У 1875 г. у г. Гота праходзіў аб’яднаўчы з’езд дзвюх рабочых партый. Маркс, прачытаўшы праект праграмы новай і адзінай партыі, напісаў даволі непрыемную для яе аўтараў крытыку, якую так і назвалі — “Крытыка Гоцкай праграмы”. Кіраўнікі партый дзеля таго, каб працэс аб’яднання прайшоў паспяхова, схавалі Марксаў тэкст пад сукно. “Крытыку Гоцкай праграмы” апублікавалі толькі ў 1891 г., калі нямецкія сацыял-дэмакраты рыхтаваліся прыняць новую праграму партыі. Публікацыя ў часопісе Die Neue Zeit выклікала абурэнне партыйных правадыроў, пачуліся заклікі прыструніць рэдактара Карла Каўцкага. На абарону свабоды слова ў партыйным жыцці выступіў Энгельс. У лісце да Аўгуста Бебеля, ён пісаў “…ніякая партыя той ці іншай краіны не можа прымусіць мяне маўчаць, калі я вырашыў гаварыць. (…) Вам, партыі, патрэбна сацыялістычная навука, а яна не можа існаваць без свабоды развіцця. Тут ужо даводзіцца мірыцца з усякімі непрыемнасьцямі, і лепш за ўсё рабіць гэта з годнасцю, без нервовасці”. А ў лісце да Каўцкага удакладняў, што “ўсякая партыйная цэнзура выключаецца”.

***

Творчая спадчына Энгельса вельмі багатая. Тут я не паказаў ягоныя погляды і падыход яшчэ да некаторых іншых пытанняў, аднак і тое, што тут выкладзена, дае, як я мяркую,  падставу сцвярджаць, што позні марксізм паўплываў і на беларускіх сацыялістаў. Творчая спадчына Фрыдрыха Энгельса, Карла Каўцкага, Эдуарда Бернштайна, Ота Баўэра, Карла Рэнера ды іншых дзеячаў таго часу ў значнай меры стала асновай для таго, што называюць заходнім марксізмам, а заходні марксізм нароўні з іншымі філасофскімі, сацыялагічнымі, эканамічнымі і палітычнымі вучэннямі і цяпер уплывае на грамадскую думку заходніх краін. Пэўны ўплыў ён мае і на посткамуністычнай прасторы.

Анатоль Сідарэвіч.

Belarusian social democratic party (Hramada)